ПАРТЫЗА́НСКІ РУХ у Заходняй Беларусі,
адна з форм нац.-вызв. барацьбы працоўных супраць акупац. рэжыму і нац. ўціску на анексіраваных бел. землях, якія адышлі да Польшчы паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921. Найб. яго ўздым у 1921—25. Сац. склад партыз. атрадаў: сяляне, бежанцы-чырвонаармейцы, вясковая інтэлігенцыя, рамеснікі. Там, дзе партыз. рухам кіравалі камуністы (Палессе, Навагрудчына, Віленшчына), ён меў класавы, антыпамешчыцкі характар, быў больш арганізаваны. Кіраўнікі: К.П.Арлоўскі, С.А.Ваўпшасаў, В.З.Корж, А.М.Рабцэвіч і інш. Асобныя партыз. кіраўнікі карысталіся крыптанімам атамана Мухі-Міхальскага. У раёне Белавежскай пушчы дзейнічала партыз. злучэнне Г.Шыманюка (паводле некат. звестак левы эсэр), якое выдавала газ. «Беларускі партызан»; на Гродзеншчыне атрады — Разумовіча. Агульнае кіраўніцтва гэтымі фарміраваннямі ажыццяўляў ЦК Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў з Коўна. У 1922 праведзена 878, у 1923—503 партыз. аперацыі. У сувязі з ростам партыз. руху ў асобных паветах Зах. Беларусі польскімі ўладамі ў 1923—24 абвешчана асаднае становішча, уводзіліся надзвычайныя ваенна-палявыя суды. III канферэнцыя КПЗБ (студз. 1926) прыняла рашэнне пра спыненне партыз. руху. У 1930-я г. ў Навагрудскім. і Палескім ваяв. адбыліся ўзбр. выступленні сялян, якія не набылі размаху. У сувязі з уступленнем Чырв. Арміі ў Зах. Беларусь у вер. 1939 П.р. месцамі праявіўся ў Гродзенскім, Драгічынскім, Пінскім пав.
Літ.:
Сорокин А.А. Освободительное и революционное крестьянское движение в Западной Белоруссии (1920—1939 гг.). Мн., 1970;
Ладысеў У. Шлях да свабоды: З гісторыі рэв.-вызв. руху ў Заходняй Беларусі ў 1919—1939 гг. Мн., 1978.
У.Ф.Ладысеў.
т. 12, с. 134
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)